ФРА́НКА БААМО́НДЭ (Franco Bahamonde) Франсіска (4.12.1892, г. Эль-Фероль, Іспанія — 20.11.1975),
іспанскі ваен. і дзярж. дзеяч. Генералісімус (1936). Скончыў пях. вучылішча ў г. Таледа (1910). Служыў у калан. войсках у Ісп. Марока (з 1910), у ісп. Замежным легіёне (1920—27). З 1928 нач. Ваен. акадэміі ў г. Сарагоса, камандаваў дывізіяй і брыгадай. З 1934 нач. Ген. штаба. У час. грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39 (гл. Іспанская рэвалюцыя 1931—39) узначаліў ваен. мяцеж супраць Ісп. Рэспублікі і ў выніку яе паражэння ўстанавіў у краіне дыктатуру на ўзор фаш. Італіі; з 1936 галоўнакамандуючы, адначасова з 1937 «правадыр» (каўдыльё) Іспанскай фалангі, з 1938 кіраўнік дзяржавы (з 1957 і ўрада). У 2-ю сусв. вайну намагаўся захаваць нейтралітэт Іспаніі (акрамя ўдзелу ў баях на сав.-герм. фронце ў 1941—43 ісп. «блакітнай дывізіі»). Пасля вайны прарваў знешнепаліт. ізаляцыю краіны праз пагадненне з ЗША (1953) і прыём Іспаніі ў ААН (1955). Ва ўнутр. палітыцы рабіў стаўку на эканам. аўтаркію, абвясціў каталіцызм адзінай рэлігіяй ісп. нацыі, скасаваў рэгіянальныя аўтаноміі, у 1947 фармальна аднавіў манархію, а ў 1969 прызначыў сваім пераемнікам і будучым каралём Іспаніі Хуана Карласа I.
Літ.:
Дамс Х.Г. Франсиско Франко: Пер. с нем. Ростов н/Д, 1999;
Престон П. Франко: Биогр.: Пер. с англ. М., 1999;
Пожарская С.П. Генералиссимус Франко и его время // Новая и новейшая история. 1990. №6.
т. 16, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)